12 augusti 2014

Тры мядзведзі на горным хрыбце

© Maria Söderberg 












Тры мядзведзі на горным хрыбце

Статак  паўночных аленяў хадзіў зусім побач з намі ў гарах. Іх прыгожа асвятляў месяц. Рогі ўзнятыя да неба, ня гледзячы на тое, што ўжо цямнела. Было дзесьці каля другой гадзіны начы.
Марыяна Хофман і я вырашылі зрабіць начное падарожжа да дамка былых шахцёраў у гарах Насаф’ель.
На наступны дзень каля дамка мы мусілі сустрэцца і наладзіць пікнік з сябрамі з Нарвегіі і Швецыі. Лепш было не спазняцца.
- Калі сустракаеш аленяў, якія гэтак спакойна ходзяць у гарах, хутчэй за ўсё драпежныя зверы далёка, - сказала я.
Сабака Марыяны Міка бег з намі ў ашыйніку. Ён быў спакойны і, здаецца, зусім не цікавіўся аленямі. Толькі час ад часу спыняўся, схіляўся да зямлі ды вынюхваў нешта.
Мы спрабавалі знайсці шыльды, якія б паказвалі шлях, але ўрэшце кінулі гэта. Мы ведалі прыблізна, якім шляхам пойдзем. Я злавалася на сябе, бо забылася запампаваць апошнюю версію мапы гэтых гораў у мой новы навігатар Гармін. Але мы ўжо былі ў дваццаці хвілінах ад мэты нашай начной вандроўкі. Я прапанавала заночыць проста пад адкрытым небам.  Але як варыянт можна было ўладкавацца спаць у дамку на драўляных лавах.

Я яшчэ раз зірнула на
горны хрыбет. Тры мядзведзі няспешна ішлі адзін за адным. Да іх было прыблізна сто метраў. Вялікія, парослыя густой поўсцю, яны выразна вылучаліся ў цемры. Я пазірала на іх некалькі секундаў, потым схапіла сякеру Марыяны і прашаптала ёй, што побач з намі ідуць тры мядзведзі. Яна ўбачыла тое ж самае, што і я.
Цяпер я б узяла з сабой бязгучны фатаапарат, але той, які ў мяне быў з сабой выразна клікнуў. Нібы з’яднаўшыся адной воляй разам з сабакам – які дарэчы ні зварушыўся і не забрахаў – мы ціха развярнуліся і хутка пайшлі ў адваротным кірунку. І мы выратаваліся.
-       Паслухай, Марыя, - сказала мне Марыяна, - у нас жа магло не атрымацца. Калі б мядзведзі вырашылі пайсці за намі, мы не мелі б ніводнага шанца.





Я з усяе моцы ляцела уніз па слізкіх схілах, пераскокваючы цераз камяні. Я была вельмі радая, што мела лёгкі заплечнік.
Нарэшце мы спыніліся над возерам Сільбаяўрэ.
Мы селі за стромкім схілам, каб вецер не мог выдаць нашу прысутнасць. Здавалася, што ўсе камяні раптам ажылі і ператварыліся ў мядзведзяў. Хвіліну я была ўпэўнена, што два камяні былі мядзведзямі: варушацца ці не? Урэшце рэшт мы сабраліся з думкамі. Мядзведзі нападаюць на чалавека ў выключна рэдкіх выпадках. Нашых мядзведзяў цікавілі алені. Я прапанавала спусціцца да возера ці застацца там, дзе мы сядзелі. Хутка развіднее і будзе лепш відаць. Марыяна лічыла, што нам лепей пайсці да дамка, гучна размаўляючы па дарозе. Мы яшчэ патэлефанавалі мужу Марыяны ў Рэві. Ён добра ведае паводзіны драпежных жывёлаў. Вядома, што мабільная сувязь у гарах вельмі кепская. Размова можа доўжыцца тры секунды.
-    Што нам рабіць?
-     Гучна размаўляйце і ідзіце да дамка, - адразу ж адказаў Матс.
Пасля размовы з Матсам і яго парады нам стала крыху спакайней. Тым больш над гарамі пачаў узыходзіць месяц і адлюстроўвацца ў возеры Сільбаяўрэ.
Мы падняліся, сталі на ногі, памацалі калені, праверылі, ці вытрымалі яны наш хуткі бег. Хваляванне паціху праходзіла. Хутка мы ўжо размаўлялі і смяяліся. Гучна. Нашыя галасы рэхам разносіліся па схілам гор і паступова адагналі прэч страх. Я ўзгадала гісторыі з часоў вайны ў Афганістане 1982 года, дзе я фатаграфавала, і ў расповядах пра савецкія верталёты шлях падаўся значна лягчэйшым.
Праз поўгадзіны мы ўжо былі каля надзейных  драўляных дзвярэй дамка. У той жа час густы туман над старым раёнам шахцёраў развеяўся.
Зараз смела можна было спаць на горным схіле ў святле месяца.
На наступны дзень я патэлефанавала Ане-Хрысціне Блінд. Яна жыве ў раёне Свайпы і яе алені пасвяцца ў раёне Насаф’ель. Яна пацвердзіла, што ў гэтым раёне сапраўды ёсць мядзведзі. Мы ж бачылі адразу траіх, і хутчэй за ўсё гэта была мядзведзіца з двума маладымі мядзведзямі. Мядзведзь забівае маладых мядзведзяў, каб быць разам з мядзведзіцай. На поўначы мядзведзіцы могуць даглядаць маладых мядзведзяў на працягу двух з паловай гадоў, на поўдні ж Швецыі дзесьці каля паўтара года. Гэта значыць маладыя мядзведзі вырастаюць сапраўды вялікімі, калі яны сыходзяць ад мядзведзіцы.

Ана-Хрысціна Блінд распавяла, што часта мядзведзі палююць на аленяў проста ідучы за статкам дастаткова доўгі час. Паступова алені адчуваюць сябе ў падманлівай бяспецы. І тады мядзведзі нападаюць на выбраных аленяў. Ана-Хрысціна сама неаднойчы сустракала мядзведзяў у гарах. У іх надзвычай добры зрок, таму часта яны ходзяць уначы.
Што верагодней за ўсё чакае тых аленяў, якіх мы сустрэлі?
-    Мядзведзі цікавяцца больш капытамі, чым аленямі, - кажа Ана-Хрысціна Блінд.
Я ўявіла сабе, што дзесьці ў раёне Насаф’ель на наступны дзень будзе бойка.
-    Калі пабачыце тушу аленя ў гарах, ведайце - штосьці здарылася.

Як фатографу мне шкада было згубленага кадра.
Але кадр застаўся ўва мне. Прыблізна такі ж, як першы позірк на маіх двух дзяцей.
Я ўдзячная за тое, што перажыла гэтую прыгоду з трыма мядзведзямі на горным хрыбце ўначы разам з сябрам.

Калі я заплюшчваю вочы, то бачу, як гэтыя вялізныя махнатыя жывёлы з мяккімі круглымі вушамі і задраўшы ўгары насы важна крочаць наперад паміж камянёў.


Марыя Сёдэрберг


Translation from Swedish: 
Nadya Kandrusevich-Shidlovskaya
Marianne Hofman and Maria Söderberg.
In Swedish language: http://www.arjeplognytt.se/kronikor/tre-bjornar-pa-fjallkammen/